Фразеалагізмы


Значэнне фразеалагізмаў і іх рускія эквіваленты тут                             


Аўгіевы канюшні

Калька з грэчаскай мовы, абазначае ‘вельмі забруджанае памяшканне; беспарадак, надзвычайная запушчанасць спраў у якой-небудзь арганізацыі’: На фронце адбываецца рэвалюцыя. На фронце салдаты праводзяць чыстку вашых аўгіевых канюшняў (Полымя).
Паводле міфа, у элідскага цара Аўгія былі вялізныя канюшні, якія ніхто не прыбіраў трыццаць гадоў. Каб ачысціць іх, спатрэбілася сіла і розум міфічнага героя Геракла (Геркулеса). Ён зрабіў гэта за адзін дзень, перагарадзіўшы плацінай раку Алфей і пусціўшы ваду ў канюшні.


                                        Залатая сярэдзіна

Калька з лацінскай мовы, мае значэнне ‘прамежкавае становішча, прамежкавая пазіцыя’: Як-ніяк калгас займаў залатую сярэдзіну (Літаратура і мастацтва).
Аўтар крылатага выразу – старажытнарымскі паэт Гарацый, які ў одзе выкарыстаў яго са значэннем ‘прамежкавае становішча’.


    

                                    Як фенікс з попелу

 Няпоўная калька з нямецкай мовы. Ужываецца як сімвал неўміручасці, вечнага абнаўлення, адраджэння: Як фенікс з попелаў (вольны дух) узносіцца з канаў, на дно якіх яго спіхаюць цемраў зверы (Я.Купала).

Выраз склаўся на аснове міфа, які ўзнік у старажытнай Аравіі і быў вядомы егіпцянам і грэкам. Паводле міфа, свяшчэнная птушка фенікс, арол з вогненна-залацістым апярэннем, праз кожныя пяцьсот гадоў прылятае ў егіпецкі храм Бога сонца, дзе яе спальваюць і яна зноў адраджаецца з попелу.                                              

                                                                       

Асядлаць Пегаса

У такой форме фразеалагізм ужываецца ва ўсходнеславянскіх, а таксама нямецкай мовах. Абазначае ‘заняцца паэзіяй, стаць паэтам, пачаць пісаць вершы’: Асядлаў Пегаса з адзіным імкненнем – хутчэй перасесці на ўласны аўтамабіль (Літаратура і мастацтва).
Выток фразеалагізма – грэчаская міфалогія. Пегасам у старажытых грэкаў называлі чарадзейнага крылатага каня, які сімвалізаваў паэтычную творчасць. Паводле міфа, аднойчы музы так цудоўна спявалі, што гара Гелікон, на якой яны жылі, пачала ад вялікага захаплення расці і ўжо паднялася была да неба. Тады Пегас ударыў капытом, вярнуў гару на ранейшае месца і высек цудадзейную крыніцу, якая стала крыніцай паэтычнага натхнення.


                      Ахілесава пята

Калька з грэчаскай мовы, ужываецца са значэннем ‘найбольш слабае, паражальнае месца’: …Ігнатовіч ведаў “ахілесаву пяту” сакратара і бязлітасна стрэліў туды. Вось табе! За твой намёк пра маю няшчырасць у сяброўстве (І.Шамякін).
Паводле міфа, марская багіня Фетыда, каб зрабіць свайго сына Ахілеса несмяротным, акунула малога ў свяшчэнную ваду падземнай ракі Стыкс. Толькі пятка, за якую, апускаючы ў ваду, трымала маці сына, засталася адзіным неабароненым месцам. У час Траянскай вайны Ахілес праславіўся подзвігамі, апетымі ў паэме Гамера “Іліяда”, але быў забіты царэвічам-траянцам Парысам, стралу якога нібыта бог Апалон накіраваў у пяту героя.

                    

                 Блудны сын

Запазычанне з царкоўнаславянскай мовы. Так называюць чалавека распуснага, які раскаяўся ў сваіх памылках: У маёй парафіі чалавек пяць ёсць такіх… Кожны з іх для мяне – гэта блудны сын, які памёр і аджыў, прапаў і знайшоўся (К.Крапіва).
Выраз паходзіць з евангельскай прытчы пра блуднага сына, які, пакінуўшы бацькоўскі дом, распусна жыў на чужыне, пакуль не растраціў усё, што меў. А пасля, галодны і ўбогі, з раскаяннем вярнуўся дамоў. У прыкладзе з рамана К.Крапівы поп амаль даслоўна паўтарае тое, што, як сведчыць Евангелле, сказаў бацька блуднаму сыну: “Станем есці і весяліцца! Бо гэты сын мой быў мёртвы і аджыў, прападаў і знайшоўся”.

              

                                                         Кануць у Лету

Запазычанне з рускай мовы, абазначае ‘быць забытым, назаўсёды знікнуць’:   Мае дарагія сябры, сёстры і брацця, - мінуць, пройдуць, у Лету кануць стагоддзі, зменяцца пакаленні…(А.Карпюк).
Выраз узнік, паводле М.М.Шанскага, у пачатку мінулага стагоддзя ў паэтычных творах на аснове гутарковага канул в воду; апошні кампанент быў заменены іншым словам – вобразам з грэчаскай міфалогіі.
Лета – рака забыцця ў падземным царстве, з якой душы тых, хто трапляў на той свет, пілі ваду; адзін глыток вады прымушаў іх забываць зямлю і сваё былое жыццё на ёй.        
                                                  

Каінава пячаць

Агульны для ўсходнеславянскіх моў, абазначае ‘след злачыннасці’: Каму патрэбна творчасць, на якой ляжыць каінава пячаць? (К.Крапіва)
Склаўся на аснове біблейскай легенды пра першае забойства на зямлі і кару за яго. Калі Каін, сын Адама і Евы, прызнаўся, што ў час ахвяравання забіў свайго брата Авеля, бог пакараў забойцу: зрабіў на яго твары спецыяльны знак і загадаў быць вечным вандроўнікам.


              

          Казёл адпушчэння

Запазычанне з царкоўнаславянскай мовы, мае значэнне ‘чалавек, на якога звальваюць чужую віну, адказнасць за другіх’: Параіліся разумнікі дый вырашылі: “Ахвяруем. На тое ён і Казёл, каб быць казлом адпушчэння. Цяпер-то мы напэўна адкупімся (К.Крапіва).
У Бібліі расказваецца пра старажытнаяўрэйскі абрад “казлаадпушчэння”: адзін раз у год, у дзень адпушчэння грахоў, прыводзілі ў пэўнае месца казла, і на яго галаву першасвяшчэннік (вярхоўны жрэц) ускладваў абедзве рукі, што сімвалізавала перакладанне грахоў усяго народа на казла, якога пасля праганялі (“адпускалі”) у пустыню.




Соль зямлі
Запазычанне з царкоўнаславянскай мовы, абазначае ‘самае галоўнае, самае істотнае’: Не магу я выхваляцца, што, маўляў, я соль зямлі, бо ў мяне такая праца – кожны дзень мялі й мялі (Я.Непачаловіч).
Паводле Евангелля, гэтымі словамі назваў сваіх вучняў Ісус, звяртаючыся да іх з казанню: “Вы соль зямлі. Калі ж соль страціць сілу, то чым зробіш яе салёнаю? Яна не патрэбна ні на што, яе толькі выкінуць вон на патаптанне людзям”.



Трыццаць срэбранікаў
Няпоўная калька з царкоўнаславянскай мовы, ужываецца са значэннем ‘плата за здраду, цана здрады’:

Мігуцкі. Падумайце. Лібрэта гатова. Ганарар – трыццаць…
Гудовіч (падхоплівае). Срэбранікаў (К.Крапіва).
Выраз паходзіць з евангельскай прытчы пра Юду Іскарыёта, які прадаў свайго настаўніка Ісуса Хрыста за трыццаць срэбранікаў. Каб стражнікі ведалі, хто з дванаццаці Ісус і каго трэба схапіць, Юда падышоў і пацалаваў яго.




Укласці ў пракрустава ложа

Крылаты выраз з грэчаскай міфалогіі, абазначае ‘насільна прыстасаваць да чагосьці, падагнаць да пэўнай меркі’: Гэта не асаблівасць якой-небудзь мясцовай гаворкі, а рыса, уласцівая ўсёй агульнанароднай мове – пісьмовай і вуснай. Яе нельга ні ігнараваць, ні ўкласці ў пракрустава ложа граматыкі (К.Крапіва).
Паводле міфа, разбойнік Дамаст (другі варыянт: Паліпемон) вылучаўся выключнай лютасцю, за што яго празвалі Пракрустам (што значыць “мучыцелем”). Ён лавіў людзей, заводзіў да сябе і ўкладваў у сваю пасцель. Калі ахвяра была даўжэйшая за ложак, Пракруст адсякаў ногі, а калі карацейшая – расцягваў госця да памеру ложка.
     

                                                                                                                    Траянскі конь

        
Крылаты выраз з грэчаскай міфалогіі. Мае значэнні ‘ашуканства, хітры падман’ і ‘чалавек, які са здрадніцкімі намерамі дабіваецца чыйгосьці давер’я, выдае сябе не за таго, кім з’яўляецца на самай справе’: Даруйце, у вас недакладна запісана. Я назвала яго траянскім канём (М.Матукоўскі).
Паводле міфаў, пасля дзесяцігадовай асады грэкі хітрасцю авалодалі горадам Троя. Яны сказалі, што пакідаюць горад, падарылі траянцам вялізнага драўлянага каня і адплылі на суседні востраў. Каб уцягнуць каня ў крэпасць, траянцы разбурылі частку сцяны. Ноччу з каня выйшлі схаваныя там воіны-грэкі, перабілі варту, адчынілі гарадскія вароты і ўпусцілі войска, што вярнулася з вострава. Троя была ўзята і разбурана.                                                                                                                                                          

           
Лаўры спаць не даюць

 Няпоўная калька з грэчаскай мовы, абазначае ‘хтосьці вельмі зайздросціць чыйму-небудзь поспеху’.

Параўн. Каламбурнае выкарыстанне фразеалагізма: Скардзіўся на бяссонніцу. Не давалі спаць лаўры (Б.Сачанка).
Гэты крылаты выраз, які належыць старажытнагрэчаскаму дзяржаўнаму дзеячу і палкаводцу Фемістоклу. Ён прымаў удзел у Марафонскай бітве, у якой грэкі на чале з афінскім стратэгам Мільціядам разбілі персаў. Фемістокл зайздросціў славе стратэга, паўтараючы: “Лаўры Мільціяда не даюць мне спаць”, аж пакуль сам не стаў славутым палкаводцам.
  

     
Арыядніна ніць

Крылаты выраз з грэчаскай міфалогіі, абазначае ‘сродак выйсці з цяжкага становішча’: Ада, Арыяда, Арыядна! Мне б цябе і любіць і сніць, толькі дзе, скажы, Арыядна, Арыядніна твая ніць? (А.Вярцінскі).
Паходзіць з міфа пра афінскага героя Тэзея, найважнейшым подзвігам якога было знішчэнне Мінатаўра – пачвары з чалавечым тулавам і бычынай галавой. Гэтаму страшыдлу, які жыў у лабірынце, адкуль ніхто не мог знайсці выхаду, афіняне, паводле загаду крыцкага цара Міноса, кожны год ахвяравалі сем юнакоў і столькі ж дзяўчын. Дайшла чарга і да Тэзея. Але яму дапамагла Арыядна - дачка цара Міноса, якая пакахала юнака і дала яму востры меч і клубок нітак. Прывязаўшы нітку ля ўваходу і размотваючы клубок, Тэзей дабраўся да Мінатаўра і, забіўшы яго, па нітцы знайшоў выйсце з заблытаных хадоў лабірынта, а таксама вывеў асуджаных на з’ядзенне.                                                               

          
 
Гордзіеў вузел (секчы гордзіеў вузел

Крылаты выраз з грэчаскай міфалогіі, мае значэнне ‘заблытаная справа, складанасць, цяжкасць’: На жыццёвым шляху кожнага чалавека трапляюцца свае гордзіевы вузлы (А.Карпюк).
Паводле міфа, Гордзій, да таго як стаць царом Фрыгіі, быў простым земляробам. Калі ён араў на валах, арол сеў на ярмо. Гэта прадказвала Гордзію, як растлумачыла прарочыца, царскую ўладу. Якраз у фрыгійцаў у хуткім часе не стала цара, і яны, выконваючы волю аракула, выбралі таго, хто першы на калёсах ехаў па дарозе да храма Зеўса. Гэта быў Гордзій. Стаўшы царом, Гордзій паставіў калёсы ў храм, а ярмо прымацаваў да дышля такім заблытаным вузлом, што ніхто не мог яго развязаць.

Секчы гордзіеў вузел - крылаты выраз з грэчаскай міфалогіі, абазначае ‘смела і рашуча ліквідаваць заблытанасць, перамагчы цяжкасці’: Тут трэба было або шукаць “кончыкаў ніткі”, або секчы гордзіеў вузел (І.Шамякін).

Паходзіць з таго ж міфа, што і фразеалагізм гордзіеў вузел. Аракул прарочыў, што той, хто развяжа хітры вузел, зроблены фрыгійскім царом Гордзіем, стане ўладаром усёй Азіі. Ніхто, аднак, не мог справіцца з вузлом, пакуль Аляксандр Македонскі не рассек яго мячом.

  





Комментариев нет:

Ты хочаш свята? Свята навакол, Калі ты дзень расквечваеш усмешкай...                                                                        ...